АНІ́С ПАЛАСА́ТЫ,
аніс шэры, аніс зялёны, старадаўні паволжскі сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў Паволжы і сярэдняй паласе ўсх. ч. Еўропы. На Беларусі вырошчваюць пераважна ў Магілёўскай, часткова ў Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абл., таксама трапляюцца інш. сарты анісу — пунсовы, ружаватапаласаты (Магілёўская вобл.) і аксамітавы (Віцебская вобл.), якія адрозніваюцца памерамі, афарбоўкай і часам выспявання пладоў.
Дрэвы выш. 5—8 м, даўгавечныя (жывуць да 100—120 гадоў). Плады масай каля 70 г, сярэдняга памеру, плоскай або плоска-акруглай формы, сакавітыя, з кісла-салодкім смакам і характэрным «анісавым» пахам, суцэльнай ярка-кармінавай афарбоўкі або паласатай па светла-зялёна-жоўтым фоне. Мякаць зеленавата-белая, дробназярністая. Непатрабавальны да глебы, мароза- і засухаўстойлівы, высокаўраджайны сорт (на Беларусі сярэдні ўраджай 160 кг з дрэва). Пладаносіць ва ўзросце 6—8 гадоў. Плады збіраюць у канцы верасня (захоўваюцца да лютага, сакавіка і пазней). Спажываюць свежыя і мочаныя, таксама сушаць, кансервуюць, робяць з іх віно, вараць варэнне. Пашкоджваюцца пладовай гніллю і паршою.
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)